"Лекавыя расліны"32>
з 20 жніўня па 17 верасня 2019 года
Лекавыя расліны.
Лес і поле. Роўнае святло.
Кожны лісцік, як душа, свіціцца.
Колькі нас, няўважлівых, прайшло
Каля вас, авёс, чабор, ігліца…
Каля вас, жывыя карані –
Вечнасці найноўшыя каралі…
Колькі вы душы і цеплыні
Людзям і нябёсам аддавалі!
Уладзімір Марук
Прырода! Чароўная прырода нашай Беларусі! Колькі хараства, таямнічасці і непаўторнасці ты захоўваеш!
Прыпыніцеся на хвілінку ад штодзённай мітусні, агляніцеся навокал, узгадайце мілыя сэрцу краявіды, зазірніце ў вочы яе вялікасці Прыродзе і вы адчуеце, як многа яна хоча расказаць, колькі прыгожага і карыснага ў сабе тоіць. Здзейсніць такое падарожжа можна наведаўшы выставу “Лекавыя расліны”, якая дзейнічае да 17 верасня ў Гудзевіцкім дзяржаўным літаратурна-краязнаўчым музеі.
20 жніўня адбылося адкрыццё выставы. Прыйшлі да нас і дарослыя, і дзеці . Колькі ж зацікаўленых вачэй мы ўбачылі! Тут усе разам узгадалі, што лекавыя расліны былі вядомы людзям яшчэ з далёкай мінуўшчыны. Спажываючы розныя плады, карані і зёлкі, чалавек пачаў заўважаць, што некаторыя з іх даюць палёгку. Так паступова назапашваліся звесткі аб прымяненні раслін, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Шмат
імёнаў выдатных навукоўцаў, урачоў, якія займаліся вывучэннем таямніц прыроды , прагучала падчас сустрэчы.
А затым было знаёмства з карыснымі раслінамі, якія акружаюць нас у паўсядзённым жыцці, а сёння прадстаўлены на выставе. Паглядзець тут ёсць на што, таму што акрамя гербарыя з уласных фондаў музея экспануецца і гербарый з фондаў Мастоўскага дзяржаўнага музея “Лес і чалавек”. Пацікавіцца рэцэптамі народнай медыцыны, убачыць аптэкарскія вагі, якімі карысталіся раней, дакрануцца да знакамітага “Батанічнага слоўніка” Зоські Верас, атрымаць шмат звестак аб раслінах, аб спецыфіцы іх нарыхтоўкі і захоўвання можна , завітаўшы да нас.